Аграпрамысловы комплекс

Дзяржаўная падтрымка АПК

Дата стварэння: 23.05.2024 14:51:17

Дата змены: 23.05.2024 15:21:23

Сусветны вопыт сведчыць, што рост канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай вытворчасці ў цяперашні час прадвызначаецца галоўным чынам узроўнем і мерамі дзяржаўнай падтрымкі, пры ўмове яе эфектыўнага выкарыстання. Нерацыянальнае скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі можа прывесці да фінансавай няўстойлівасці аграпрамысловага комплексу, росту абавязацельстваў і, як вынік, да падзення ўзроўню вытворчасці і якасці прадукцыі.

Дзяржаўная падтрымка аграрнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца адным з асноўных элементаў аграрнай палітыкі, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці АПК, якая зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў і выяўляецца ў нормах беларускага заканадаўства і ненарматыўных прававых актах.

У Рэспубліцы Беларусь асноўныя напрамкі і стратэгію аказання дзяржаўнай падтрымкі аграрнай сферы вызначаюць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 г. № 347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы» і Дзяржаўная праграма «Аграрны бізнес» на 2021–2025 гады, прынятая пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2021 г. № 59.

У перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь на 2016–2020 гады забяспечана харчовая бяспека краіны, значна павышана канкурэнтаздольнасць АПК на міжнародным узроўні, што вызначыла працяг рэалізацыі мерапрыемстваў на наступныя гады.

Дзяржаўная падтрымка аказваецца з дапамогай як прамых, так і ўскосных мер. Прамыя меры рэалізуюцца пры дапамозе фінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў: агульнадзяржаўных мерапрыемстваў; непасрэдна суб’ектаў, што ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці; расходаў, звязаных з выдачай суб’ектам, што ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці, субсідый на выплату працэнтаў (часткі працэнтаў) за карыстанне крэдытамі пры выдачы крэдытаў на льготных умовах.

Ускосныя меры не прадугледжваюць прамое расходаванне бюджэтных сродкаў і ўключаюць:

  • прымяненне льготнага (асаблівага) рэжыму падаткаабкладання ў сельскай гаспадарцы ў адпаведнасці з заканадаўствам;

  • рэструктурызацыю — дазвол на адтэрміноўку (растэрміноўку) у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі запазычанасці перад бюджэтам, бюджэтам дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, банкамі і іншымі арганізацыямі;

  • забеспячэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам гарантый Урада Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па крэдытах, якія выдаюцца суб’ектам, што ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці;

  • рэгуляванне цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, сыравіну і прадукты харчавання ў адпаведнасці з заканадаўствам;

  • ажыццяўленне закупкі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і прадуктаў харчавання для дзяржаўных патрэб у адпаведнасці з заканадаўствам.

Таксама могуць быць прадугледжаны і іншыя меры ў адпаведнасці з рашэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Расходы кансалідаванага бюджэту на сельскую гаспадарку і рыбагаспадарчую дзейнасць у 2019 г. склалі 2 075 млн руб. (рыс. 7). Пры гэтым расходы на падтрымку галіны ў выглядзе кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі і кампенсацыі страт банкаў па льготных крэдытах, выдадзеных суб’ектам гаспадарання, скараціліся амаль у 3 разы і склалі 225 млн руб.

Рыс. 7. Дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь
Рыс. 7. Дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі ў Рэспубліцы Беларусь
За 2015–2019 гг. бюджэтныя расходы, накіраваныя на сельскую гаспадарку адносна ўсіх расходаў бюджэту і часткі, накіраванай на нацыянальную эканоміку, скараціліся з 7,8 да 5,8 % і з 50 да 37,4 % адпаведна (рыс. 8).

Рыс. 8. Дынаміка долі расходаў бюджэту на сельскую гаспадарку
Рыс. 8. Дынаміка долі расходаў бюджэту на сельскую гаспадарку
Стабільны эканамічны рост у галіне дазволіў скараціць дзяржаўную падтрымку адносна атрыманай валавой дабаўленай вартасці да 23 %. Гэты ўзровень значна ніжэйшы, чым у ЕС (рыс. 9); у Польшчы, Германіі, Францыі (лідары па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі) ён складае больш як 27 %.

Рыс. 9. Параўнальная дынаміка суадносін дзяржаўнай падтрымкі і валавой дабаўленай вартасці сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза, %
Рыс. 9. Параўнальная дынаміка суадносін дзяржаўнай падтрымкі і валавой дабаўленай вартасці сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза, %
Актыўны ўдзел Беларусі ў працэсах рэгіянальнай і сусветнай эканамічнай інтэграцыі выклікаў неабходнасць прыняцця на сябе шэрага абавязацельстваў у сферы дзяржаўнай падтрымкі, якія прывялі да перабудовы механізма яе аказання.

У цяперашні момант існуюць міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у сферы дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, якія краіна выконвае ў поўным аб’ёме. У адпаведнасці з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 г. (Пратакол аб мерах дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі), меры дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі падзяляюцца: на меры, якія не аказваюць скажальнага ўздзеяння на гандаль; меры, якія ў найбольшай ступені аказваюць скажальнае ўздзеянне на гандаль; меры, якія аказваюць скажальнае ўздзеянне на гандаль.

Зацягванне тэрмінаў далучэння Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) прыводзіць да з’яўлення магчымых рызык узмацнення жорсткасці міжнародных абавязацельстваў па правілах і ўмовах аказання дзяржаўнай падтрымкі пры далучэнні да СГА.