Дата стварэння: 16.06.2025 09:15:55
Дата змены: 10.03.2026 11:46:51
Змяне́нні клі́мату
Працяглыя (больш за 10 гадоў) накіраваныя ці рытмічныя змяненні кліматычных умоў на Зямлі ў цэлым ці ў яе буйных рэгіёнах. Уключаюць усе віды зменлівасці клімату незалежна ад яе прыроды (трэнды, рытмы, цыклы, перыяды, флюктуацыі, скачкападобныя змены).
Тэмпература паветра з’яўляецца найбольш важным паказчыкам клімату.
На тэрыторыі Беларусі за перыяд інструментальных назіранняў за сярэднегадавой тэмпературай (1881–2009) адзначаліся шматлікія непрацяглыя перыяды пацяплення і пахаладання. Выключэннем з’яўляецца пацяпленне, якое не мае аналагаў па працягласці і інтэнсіўнасці (пачалося ў 1988).
Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені і лютым 1989 г. перавысіла норму на 7–7,5 °С, у сакавіку і красавіку — на 3–5 °С. Увогуле гэты год быў самы цёплы за стагадовы перыяд, перавысіўшы норму на 2,2 °С (гэткім жа цёплым аказаўся і 2008). У 1990 г. у студзені — сакавіку сярэдняя па краіне тэмпература паветра была на 6–8,5 °С вышэй за норму.
Пацяпленне цягнецца ўжо больш як 35 гадоў, без уліку 1996 г. (сярэдняя гадавая тэмпература паветра на 0,4 °С ніжэй за норму). Зіма 2009–2010 гг. таксама адрознівалася халодным студзенем (на 5 °С ніжэй за норму). Пры гэтым сярэднегадавое пацяпленне было больш значным на поўначы (1,2 °С у Віцебскай вобласці) і крыху меншым на захадзе (0,8 °С у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях).
На перыяд з 1990–2010 гг. прыпадаюць усе самыя буйныя анамальныя сярэднегадавыя павышэнні тэмпературы паветра. Высокія тэмпературы адзначаліся ў асноўным у студзені — красавіку. Дадатная анамалія была максімальная ў студзені (каля 3,5 °С), затым яна памяншалася і ўжо ў красавіку складала 2 °С. Тэмпература паветра гэтых месяцаў у Мінску прыкладна адпавядала сярэднім шматгадовым тэмпературам у гарадах Львоў (Украіна) і Клевэ (Германія).
За 1988–2009 гг. адзначана толькі адна халодная зіма (1996). Апошняя дадатная флюктуацыя тэмпературы паветра была самай магутнай за ўсю гісторыю інструментальных назіранняў. Верагоднасць таго, што такія працяглыя дадатныя анамаліі тэмпературы выпадковыя — менш за 5 %.
У сярэднім больш цёплымі аказаліся летнія месяцы (дадатная анамалія склала ў ліпені 0,7 °С, у жніўні 0,8 °С), асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе. Толькі ў маі і лістападзе назіраецца невялікае змяненне тэмпературы, якое не перавышае ± 0,5 °С у параўнанні з сярэднімі шматгадовымі значэннямі.
Аналіз велічыні сутачных нармаваных трэндаў тэмпературы паветра за апошнія 40 гадоў паказаў, што яе максімум прыпадае на канец студзеня, затым яна зніжаецца аж да канца красавіка — пачатку мая. Другі мінімум велічыні трэндаў тэмпературы прыпадае на сярэдзіну лістапада, а другасны максімум — на 2‑ю палову ліпеня — 1‑ю палову жніўня.
Такім чынам, у змене велічыні трэндаў тэмпературы назіраецца паўгадавое ваганне. Падобная структура ў гадавым ходзе характэрна для ваганняў адвекцыі (гарызантальнага пераносу) цяпла цячэннямі сістэмы Гальфстрым.
Найбольш важная асаблівасць змянення тэмпературы — наяўнасць дзвюх пацяпленняў у ХХ ст.
Меншае па велічыні пацяпленне ў летнюю пару года адбывалася ў 1910–1945 гг. (супала з пацяпленнем Арктыкі).
Далей назіралася магутная адмоўная анамалія тэмпературы ў студзені — сакавіку 1940–1942 гг. Гэтыя гады былі самымі сцюдзёнымі за ўсю гісторыю інструментальных назіранняў. Сярэднегадавая анамалія тэмпературы паветра ў гэтыя гады складала каля −2,5 °С, сярэднямесячная ў студзені і сакавіку 1942 г. адпаведна каля −10 °С і −8 °С.
У 1988–2009 гг. тэмпература перавышала норму ў сярэднім на 1,1 °С. Пацяпленне было больш выразным на поўначы, што адпавядала асноўнаму выніку лікавага мадэлявання тэмпературы і сведчыла пра найбольшае павышэнне тэмпературы ў высокіх шыротах.
У 1998–2009 гг. ва ўсе сезоны года анамаліі тэмпературы дадатныя, аднак зімы сталі халаднейшыя ў параўнанні з 1988–1997 гг.
Пацяпленне 1988–2009 гг. прывяло да змены параметраў ацяпляльнага перыяду. Яго працягласць, напрыклад, у Мінску, скарацілася на 10–12 дзён, а сярэдняя тэмпература ацяпляльнага сезона ўзрасла на 1,5–1,7 °С. Доўгія анамаліі першых вясновых месяцаў спрыяюць таму, што раней адбываецца пераход тэмпературы паветра праз 0 °С у бок павышэння і раней растае снегавое покрыва.
У сярэднім за гэты перыяд такі пераход адбываўся на 13 дзён раней за сярэднія шматгадовыя значэнні — у пачатку сакавіка ў Брэсцкай і сярэдзіне сакавіка ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Для некаторых гадоў быў характэрны пераход праз 0 °С у лютым, а ў 1989, 1990 і 2002 гг. — у студзені.
Ранні ўстойлівы пераход праз 0 °С таксама спрыяў таму, што раней тэрміну глеба станавілася мяккапластычнай і, адпаведна, раней прыступалі да палявых работ. На дэкаду раней пачынаўся вегетацыйны перыяд. Сума актыўных тэмператур вышэй за 5 і 10 °С павялічылася ў сярэднім адпаведна на 110 і 60 °С, а ізалініі сум гэтых тэмператур зрушыліся да поўначы прыкладна на 100 і 60 км. Адмоўныя анамаліі тэмпературы мая павысілі небяспечную верагоднасць позніх вясновых замаразкаў падчас актыўнай вегетацыі раслін. Адзначаліся выпадкі, калі тэмпература паветра 1‑й дэкады мая аказвалася на 3–7 °С ніжэй за тэмпературу 3‑й дэкады красавіка, прычым майскія замаразкі нанеслі значную шкоду сельскагаспадарчай вытворчасці.
Першая трэць ХХ ст. характарызуецца вялікай колькасцю атмасферных ападкаў, якія перавышаюць іх сярэдняе значэнне за наступны перыяд прыкладна на 60 мм (10 %). Пра гэта сведчыць і павышаны ў той час рачны сцёк. У сярэднім для атмасферных ападкаў у перыяд апошняга пацяплення не назіралася працяглых серый дадатных ці адмоўных анамалій.
Выключэнне — буйная дадатная анамалія атмасферных ападкаў у 1998 г. Крыху ніжэй за норму, як у цёплую, так і ў халодную пару года, былі ападкі ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях, а ў цёплы перыяд года — у Мінскай вобласці (табліца). Больш дэталёвы аналіз ападкаў паказаў, што ў Віцебскай вобласці і на поўначы Мінскай вобласці атмасферныя ападкі і халоднага, і цёплага перыядаў былі вышэй за норму, а ў Брэсцкай і на поўдні Мінскай абласцей — ніжэй.
Неабходна адзначыць, што павялічылася таксама кантраснасць атмасферных ападкаў. Калі па шматгадовых даных гадавыя сумы ападкаў больш за 700 мм назіраліся толькі на ўзвышшах непадалёку ад гарадскога пасёлка Лынтупы, гарадоў Валожын і Навагрудак, то ў сярэднім за перыяд пацяплення яны зарэгістраваны таксама на паўночным усходзе: гарады Полацк і Віцебск, гарадскі пасёлак Езярышча, каля горада Барысаў, Бярэзінскага біясфернага запаведніка і на поўдні краіны — горад Жыткавічы. У Жыткавічах за перыяд пацяплення выпала ападкаў больш, чым дзе-небудзь у Беларусі (не ўлічваючы Лынтупы).
Аналіз атмасферных ападкаў за цёплае і халоднае паўгоддзе, а таксама за год у цэлым, паказвае памяншэнне сярэднегадавых ападкаў у 1950–1990 гг. у параўнанні з 1891–1935 гг. на поўдні краіны на велічыню каля 60 мм. Змяншэнне колькасці атмасферных ападкаў на поўначы менш выражана і завяршылася ў сярэдзіне 1970‑х гадоў.
|
Вобласць |
Віцебская |
Мінская |
Гродзенская |
Магілёўская |
Брэсцкая |
Гомельская |
| Перыяд | ||||||
|
Халодны (XI—III) |
114 |
100 |
103 |
90 |
95 |
98 |
|
Цёплы (IV—X) |
101 |
93 |
96 |
98 |
93 |
103 |
|
Год |
105 |
95 |
99 |
95 |
93 |
102 |
Асінхроннасць у змяненні сярэднегадавых ападкаў на поўначы і поўдні адзначалася ў 1891–1910 гг., калі высокія значэнні ападкаў фіксаваліся на поўдні, а нізкія — на поўначы. Другі раз асінхроннасць у змяненні атмасферных ападкаў на поўначы і поўдні назіралася ў 1970–1980‑я гг.
Асінхроннасць ападкаў, што выпадаюць на поўначы і поўдні, выяўлена ў атмасферных ападках цёплага паўгоддзя. У халодную пару года адзначалася сінхроннае змяненне ападкаў на поўначы і поўдні да сярэдзіны 1960‑х гг. У апошнія 20–25 гадоў на поўначы выпадала ападкаў болей, а на поўдні — меней за норму. Выключэнне складаюць апошнія 10 гадоў, калі ў сярэднім на поўдні і поўначы выпадала каля нормы ападкаў.
Такім чынам, змяненне ападкаў на тэрыторыі Беларусі адрозніваецца большай прасторава-часавай зменлівасцю ў параўнанні з тэмпературай паветра. Найважнейшая асаблівасць змянення ападкаў — гэта зніжэнне іх колькасці ў 1950‑я гады ў параўнанні з 1940‑мі гадамі (у 1905–1935 гг. выпала на 60–70 мм больш, чым у 1950–2009 гг.).
Сярэднегадавыя сумы атмасферных ападкаў у перыяд сучаснага пацяплення істотна не змяніліся, але значэнні сярэднямесячных сум ападкаў у жніўні, красавіку і маі зменшыліся, а ў чэрвені і верасні — павялічыліся.
Схематычна вылучаюць 2 зоны змянення ападкаў: паўночна-ўсходняя, дзе адзначаецца рост атмасферных ападкаў, а таксама паўднёва-заходняя — з памяншэннем атмасферных ападкаў.
Акрамя таго, выдзелены анамальныя зоны: Лельчыцкі, Жыткавіцкі і Касцюковіцкі раёны, дзе колькасць ападкаў павялічваецца.
Важная асаблівасць гадавога ходу ападкаў: іх колькасць у чэрвені крыху павялічылася, а ў жніўні зменшылася ў сярэднім на 20 %. Такое размеркаванне ападкаў можна лічыць спрыяльным для сельскагаспадарчай вытворчасці, бо паляпшаецца вільгацезабяспечанасць пры актыўным росце раслін (чэрвень), а ў жніўні паляпшаюцца ўмовы ўборкі збожжавых. Аднак другі ўкос травы пры такіх умовах не можа быць забяспечаны ў поўнай меры.
Адначасова ў краіне часцей адзначаліся засушлівыя перыяды на працягу двух і больш месяцаў у перыяд актыўнай вегетацыі раслін. Недабор ападкаў суправаджаўся павышэннем тэмпературнага рэжыму, што ўзмацніла неспрыяльныя для сельскай гаспадаркі наступствы. У апошнія 20 гадоў таксама былі заўважныя выключна вільготныя гады.
Так, у 1998 г. былі адзначаны моцныя атмасферныя ападкі на працягу ўсяго года, але асабліва вільготнымі былі чэрвень і ліпень, калі ў сярэднім выпала 1,5 нормы ападкаў. Гэта выклікала затапленне значных тэрыторый Палескай нізіны, а таксама пасеваў на цяжкіх глебах на поўначы краіны. Такія ўмовы на меншых па плошчы тэрыторыях сустракаюцца даволі часта.
З 1970‑х гг. назіраецца зніжэнне хуткасці ветру. Калі ў 1940–1970 гг. хуткасць ветру складала 3,6 м/с, то з канца 1980‑х гг. зменшылася да 2,9 м/с. Найбольшае зніжэнне хуткасці ветру адбылося ў цэнтральнай частцы Беларусі (Нарачанская азёрная станцыя і Мінская метэаралагічная станцыя) і на Полацкай нізіне. Процілеглыя тэндэнцыі ў змене хуткасці (ці адсутнасць змен) адзначаюцца на лініі Ваўкавыск — Палеская. Зніжэнне паказчыкаў паўтаральнасці павышанай хуткасці ветру не сведчыць пра памяншэнне паказчыкаў яго парывістасці і шквалістасці.
Павышаны тэмпературны фон і ўсё большая зменлівасць шэрагу іншых метэаралагічных характарыстак могуць ствараць умовы для шквалістых узмацненняў ветру, якія час ад часу маюць страшэнную разбуральную сілу. Павялічылася паўтаральнасць паўднёвага напрамку ветру. Узмацненне заходніх вятроў у халодны перыяд і паўночна-ўсходніх у летні не адрозніваецца вялікай устойлівасцю.
У халодны перыяд года рэзкае ўзмацненне ветру паўднёваўсходняга румба, характэрнае для 1970–1980‑х гг., з канца 1980‑х гг. змянілася амаль на супрацьлеглае (заходнія румбы). У летні перыяд павелічэнне паўтаральнасці паўночных і паўночна-ўсходніх вятроў характэрна толькі для 1990‑х гг.
Сумесны аналіз дынамікі зімовых індэксаў паўночнаатлантычнага вагання і хуткасці ветру на тэрыторыі Беларусі паказвае досыць цесную зваротную сувязь паміж гэтымі паказчыкамі. Памяншэнне хуткасці ветру на тэрыторыі краіны звязана з ростам інтэнсіўнасці паўночнаатлантычнага вагання і павелічэннем паўтаральнасці глыбокіх барычных утварэнняў, якія праходзяць праз тэрыторыю Еўропы ў апошнія 20–25 гадоў. Аналагічнае зніжэнне хуткасці ветру ўжо назіралася ў 1906–1929 гг. Яно супала з высокімі значэннямі індэкса паўночнаатлантычнага вагання ў тыя гады.
Змяненні паўтаральнасці экстрэмальных пагодных і кліматычных з’яў — адна з праяў сучаснага пацяплення клімату. Колькасць шквалаў, дажджоў, ліўняў, замаразкаў у паўднёвай частцы краіны на землях, дзе праводзілася меліярацыя, а таксама галалёду, інею (на захадзе), засух, моцнай гарачыні расце, а граду, туману, інею (на ўсходзе), шэрані, моцных снегападаў, завеяў, моцнага марозу слабне.
Шмат цёплых зім прыпала на перыяд сучаснага пацяплення; самыя суровыя зімы (1928–1929, 1939–1940, 1941–1942) — на эпоху папярэдняга, больш слабога, пацяплення клімату (1910–1945) і на эпоху цяперашняга пацяплення (1984–1985, 1986–1987, 1995–1996).