ДНЯПРО, Днепр, рака ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі і на тэрыторыі Украіны і Расіі
pdf

ДНЯПРО

Дата стварэння: 14.10.2024 10:13:33

Дата змены: 25.09.2025 10:24:53


ДНЯПРО, Днепр, рака ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі і на тэрыторыі Украіны і Расіі

Рака Дняпро ў горадзе Орша, пачатак XX ст.

ДНЯПРО, Днепр, рака ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі і на тэрыторыі Украіны і Расіі

Рака Дняпро ў горадзе Рэчыца (фота: В. М. Босак).

ДНЯПРО, Днепр, рака ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі і на тэрыторыі Украіны і Расіі

Рака Дняпро каля горада Жлобін.

Дняпро́

Іншая назва: Днепр.

Рака, цячэ па тэрыторыі трох краін — Рэспублікі Беларусь, Украіны і Расійскай Федэрацыі. Даўжыня 2 145 км (да будаўніцтва вадасховішчаў 2 285 км), у межах Беларусі 689 км.

Дняпро з’яўляецца трэцім па велічыні трансгранічным вадацёкам Еўропы пасля рэк Дунай і Волга, агульная плошча басейна якога складае 504 тыс. км², а таксама чацвёртай па даўжыні ракой Еўропы пасля рэк Урал, Волга і Дунай.

Асноўныя прытокі ў Беларусі: Ухлясць, Ржаўка, Сож (левыя), Аршыца, Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (правыя).

Пачынаецца ў невялікім балоце на Валдайскім узвышшы, за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Аксеніна Сычоўскага раёна Смаленскай вобласці Расіі, на вышыні 236 м над узроўнем мора. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага мора. Вярхоўі вадазбору ракі ў межах Смаленскага і Аршанскага ўзвышшаў, правабярэжжа сярэдняй часткі верхняй плыні — у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, левабярэжжа — Аршанска-Магілёўскай раўніны, якая на поўдні — пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На поўдзень ад горада Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У Беларусі Дняпро працякае па Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях, а яе вадазборная плошча размешчана на тэрыторыі чатырох абласцей (Віцебскай, Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай) і Мінска.

Плошча вадазбору 504 тыс. км², у Беларусі 88,8 тыс. км² (без басейна Прыпяці). У межах Расійскай Федэрацыі 7,3 % вадазборнай плошчы басейна ракі Дняпро (36 540 км²), у межах Рэспублікі Беларусь 23,5 % (118 360 км²). Самая вялікая частка вадазборнай плошчы басейна (69,2 %) размешчана ў межах Украіны (349 100 км²). Ад вытоку да вусця ракі Прыпяць: даўжыня ракі — 1 182 км, плошча вадазбору — 225 тыс. км². Да горада Орша рака цячэ ў паўднёва-заходнім напрамку, ніжэй — у паўднёвым, вышэй за населены пункт Вяле знаходзіцца ў падпоры ад Кіеўскага вадасховішча, запоўненага ў 1966 г. да адзнакі нармальнага падпорнага гарызонта — 103 м. Агульнае падзенне ракі — 141,5 м, сярэдні ўхіл воднай паверхні — 0,12 ‰, сярэдні ўзважаны ўхіл — 0,09 ‰. Каэфіцыент звілістасці ракі — 2,09. Вадазбор няправільнай формы, моцна пашыраны ў сярэдняй частцы і размешчаны ў межах Цэнтральна-Бярэзінскай водна-ледавіковай раўніны, Аршанска-Магілёўскага плато, якое на паўднёвы ўсход плаўна пераходзіць у шырокую забалочаную нізіну Беларускага Палесся.

У створы Дняпро — горад Магілёў (650 км ад вытоку) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 143 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновага разводдзя — 789 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 46,3 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 48,2 м³/с.

У створы Дняпро — горад Орша (1 558 км ад вусця) сярэднегадавы шматгадовы расход вады складае 125 м³/с, сярэднешматгадовы максімальны расход вады вясновай паводкі — 790 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады летне-асенняй межані — 33,2 м³/с, сярэднешматгадовы мінімальны расход вады зімовай межані — 29,8 м³/с.

Гушчыня рачной сеткі басейна Дняпра на тэрыторыі Беларусі 0,39 км/км². Азёрнасць вадазбору нязначная (менш за 1 %), у большасці гэта невялікія азёры; са штучных вадаёмаў найбольш буйныя — вадасховішчы Заслаўскае і Асіповіцкае (рака Свіслач), Салігорскае (рака Случ), Чыгірынскае (рака Друць).

Па асаблівасцях будовы даліны, рэчышча і ўмовах працякання Днепро можна падзяліць на 3 участкі: 1‑ы — даўжыня 410 км, выток — горад Смаленск (Расія); 2‑і — даўжыня 239 км, Смаленск — Магілёў; 3‑і — даўжыня 533 км, Магілёў — вусце ракі Прыпяць.

На 2‑м участку (Смаленск — Магілёў) даліна ракі трапецападобная і карытападобная, шырыня яе на ўчастку паміж Смаленскам і горадам Дуброўна 0,8–3 км, ніжэй месцамі пашыраецца да 10 км. Схілы ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя і спадзістыя, тэрасаваныя (да 4–5 тэрас), вышыня ўступаў 12–30 м, рассечаны ярамі, лагамі і далінамі прытокаў, пераважна адкрытыя і разараныя, грунты суглінкавыя і супясчаныя. Сустракаюцца нязначныя выхады грунтавых вод.

Пойма на вялікім працягу прадстаўлена ніжняй двухбаковай тэрасай, якая ўзвышаецца над межанным узроўнем вады на 5‒8 м, шырынёй ад 100 м да 1 км у пачатку і да некалькіх кіламетраў у канцы ўчастка. Паверхня поймы ўмерана перасечаная, пераважна адкрытая і разараная, радзей пакрыта хмызняком або лесам, складзена супескамі і пяскамі. Затапляецца на 5‒10 дзён толькі ў высокае разводдзе.

Рэчышча з побачневым тыпам рэчышчавага працэсу, слаба звілістае (К = 1,02), шырыня 60–120 м; паміж населеным пунктам Гацькаўшчына і Оршай дзе-нідзе пашыраецца да 1,3 км. Адметная плаўнымі лукавінамі і доўгімі прамалінейнымі ўчасткамі з мноствам перакатаў і парожыстых участкаў. Зрэдку сустракаюцца невялікія затапляльныя пясчаныя выспы даўжынёй 15‒170 м, шырынёй 7‒80 м. Глыбіня ракі 2‒4 м, на перакатах каля 1 м, найбольшая хуткасць — 7‒8 м. Хуткасць плыні змяняецца ў межах ад 0,2 да 1,3 м/с, пераважная хуткасць — 0,4‒0,5 м/с. Дно роўнае, у асноўным пясчанае і пясчана-гравелістае. Прыбярэжная зона часта абсыпана камянямі і валунамі, якія нярэдка ўзвышаюцца над вадой. За 9 км вышэй ад Оршы, каля былога населенага пункта Кабылякі (цяпер недалёка ад вёскі Прыдняпроўе), рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утвараючы Кабыляцкія парогі, даўжынёй каля 200 м.

Берагі пераважна стромкія, вышынёй 2–10 м, часам паніжаюцца да 0,5–1 м, зарослыя хмызняком, радзей адкрытыя, на лукавінах абвальваюцца, складзены супескамі, валуннымі і безвалуннымі суглінкамі.

На 3‑м участку (ад Магілёва да вусця ракі Прыпяць): даліна да вусця ракі Сож у асноўным трапецападобная, шырынёй 5–10 км і больш, з дамінантным правым схілам вышынёй 15–35 м; ніжэй — слаба выражаная, са спадзістымі схіламі, якія зліваюцца з навакольнай мясцовасцю забалочанай Палескай нізіны.

Пойма двухбаковая, пераважна адкрытая, лугавая, шырыня 3–6 км, ніжэй ад горада Жлобіна пашыраецца да 8 10 км. Паверхня моцна перасечана старыцамі, рукавамі, пратокамі і залівамі, суправаджаецца павышанымі грывістымі ўчасткамі пясчаных узгоркаў і прырэчашчавых валоў, паніжэнні заняты балотамі. Грунты супяшчаныя і суглінкавыя, радзей — тарфяністыя. Затапляецца на тэрмін 1‒2,5 месяца.

Рэчышча моцна звілістае (К = 1,11), да вусця ракі Лахва не меандруе з побачневым тыпам працэсу, далей па цячэнні свабодна меандруе, разгалінавана рукавамі і пратокамі, якія ўтвараюць шматлікія нізкія затапляльныя пясчаныя выспы, даўжынёй ад 50 м да 3 км. Шырыня Дняпра да ўпадзення ракі Лахва — 80 120 м, ніжэй, да вусця ракі Сож — 150 600 м, ад вусця ракі Сож да ўпадзення ракі Борзна — 0,8‒1,5 км, у раёне падпору Кіеўскага вадасховішча месцамі дасягае некалькіх кіламетраў. Рэчышча на вялікім працягу моцна звілістае, багатае на перакаты (каля 200) і мелі, найбольш выражаныя ўчастку паміж упадзеннем рэк Друць і Сож, дзе пераважныя глыбіні складаюць 1‒1,5 м. На астатнім працягу глыбіня складае 2‒3 м, у канцы ўчастка яна павялічваецца да 10 м. Хуткасць плыні складае 0,2‒0,8 м/с, на перакатах — 1,1 м/с.

Дно роўнае, пясчанае, нярэдка пясчана-гравелістае і камяністае, часам пясчана-глеістае.

Берагі змяняюцца ад спадзістых да стромкіх і ярыстых (вышыня ад 0,5 да 10 м), на лукавінах разбураюцца, у асобных месцах маюцца берагавыя ўмацаванні.

У межах Беларусі даліна ракі пераважна трапецападобная, ніжэй ад вусця ракі Сож невыразная. Шырыня яе да Магілёва 0,8‒3 км, ніжэй (да вусця Сожа) — 5‒10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Схілы даліны ўмерана стромкія і абрывістыя, вышыня 12‒35 м, парэзаныя ярамі, логамі, далінамі прытокаў.

Пойма на вялікім працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, якая ўзвышаецца над межанным узроўнем вады на 5‒8 м, шырыня яе 0,1‒1 км. Ад Магілёва да Жлобіна пашыраецца да 6 км, у межах Гомельскага Палесся — да 10 км. Паверхня поймы ніжэй ад Магілёва перасечаная старыцамі, рукавамі, пратокамі і залівамі, у асноўным адкрытая і разараная. Ёсць узвышаныя ўзгорыстыя ўчасткі, пясчаныя ўзгоркі і прырэчышчавыя валы.

Рэльеф раўнінна-ўзгорысты. Найбольш узвышаная паўночная частка —складаная сістэма буйнаўзгорыстых марэнных узвышшаў (Аршанская, Мінская), якія чаргуюцца са слабаўвагнутымі, часта забалочанымі нізінамі і моцна раздзеленымі платопадобнымі ўчасткамі. Адносныя вышыні асобных узгоркаў вагаюцца ад 30‒50 да 120 м. Цэнтральная частка, якая ахоплівае вадазборы рэк Бярэзіны і Сожа, пераважна раўнінная, месцамі сустракаюцца хвалістыя і дробнаўзгорыстыя ўчасткі доннай марэны з адноснымі вышынямі 5–30 м.

Левабярэжжа да Жлобіна прыўзнята адносна правабярэжжа на 40‒60 м, моцна раздзелена далінамі, ярамі, лагамі. Паўднёвая частка вадазбору звязана з дзюнна-узгорыстымі пясчанымі ўтварэннямі вышынёй 5–8 м і асобнымі моцна размытымі марэннымі ўзгоркамі, узвышшамі і градамі вышынёй да 10⁠–⁠60 м над навакольнай мясцовасцю.

Асноўны сцёк Дняпра фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне ракі змешанае, асноўнай крыніцай з’яўляюцца снегавыя воды, якія фарміруюць значную частку сцёку (50 %), а таксама падземныя (27 %) і дажджавыя воды (23 %). Роля снегавых вод паступова ўзрастае ўніз па цячэнні ракі. Вясновае разводдзе Дняпра праходзіць адной, радзей — двюма хвалямі. На перыяд вясновай паводкі прыпадае каля 68 % гадавога сцёку, на летнюю межань — 28, на зімовую — 4 %. На поўдзень доля вясновага сцёку памяншаецца да 57 %, летне-асенняга і зімовага павялічваецца да 30 % і 13 % адпаведна. Устойлівы ледастаў устанаўліваецца ў канцы лістапада — пачатку снежня. Максімальная таўшчыня лёду дасягае ў асобныя гады 60‒80 см.

Ускрыццё ракі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка, вясновы крыгаход доўжыцца ад 4 да 7 сутак. Сярэдняя тэмпература вады ў летні перыяд дасягае 19‒22 °С.

На вадазборы Дняпра праведзены меліярацыйныя работы, у выніку якіх меліяравана каля 14 % плошчы басейна, здадзена ў эксплуатацыю каля 38 500 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў.

Рэжым ракі Дняпро ў Беларусі вывучаўся з 1876 г. на 18 гідралагічных пастах, з якіх дзейнічаюць 5 — у гарадах Жлобін, Магілёў, Орша, Рэчыца, гарадскім пасёлку Лоеў.

У рацэ водзяцца шчупак, уклейка, акунь, язь, ёрш, лешч, ялец, карась залаты, пячкур, мянтуз, плотка, гусцяра, краснапёрка, судак, мінога ўкраінская, падуст, марочна, галавень і інш.

Са старажытных часоў Дняпро быў важнай гандлёвай часткай воднага шляху «з варагаў у грэкі», што звязваў Балтыйскае мора з Чорным. Басейн Дняпра злучаны з басейнам Заходняй Дзвіны Бярэзінскай воднай сістэмай, з басейнам Нёмана — Агінскім каналам, з басейнам Віслы — Дняпроўска-Бугскім каналам.

Дняпро суднаходны ад горада Дарагабуж (Расія) да вусця.

Вада ў Дняпры гідракарбанатна-кальцыевага класа, умерана жорсткая, павышанай і сярэдняй мінералізацыі. Для памяншэння забруджвання ракі пры прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідрахімічным рэжымам. Адмоўнае ўздзеянне на ваду, грунты, флору і фаўну Дняпра аказала катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. 

На рацэ размешчаны беларускія гарады — Дуброўна, Орша, Шклоў, Магілёў (порт), Рагачоў, Жлобін (прыстань), Рэчыца (порт). Выкарыстоўваецца для адпачынку, аматарскага і прамысловага рыбалоўства.

На маляўнічых берагах Дняпра створаны: курорт рэспубліканскага значэння «Рагачоў», санаторыі «Дубровенка», «Крыніца», «Сосны», дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Пралеска» ў вёсцы Цупер Жлобінскага раёна, дом адпачынку «Дняпроўскія хвоі» ў Рэчыцкім раёне, зоны адпачынку «Дняпроўка», «Днепр», «Арціслаўка», «Любуж», «Сідаравічы», «Салтанова».