ВІЛЕЙСКАЕ, вадасховішча ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці
pdf

ВІЛЕЙСКАЕ

Дата стварэння: 14.10.2024 10:11:43

Дата змены: 19.09.2025 10:36:41


ВІЛЕЙСКАЕ, вадасховішча ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці

Кемпінг на Вілейскім вадасховішчы.

ВІЛЕЙСКАЕ, вадасховішча ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці

Вілейскае вадасховішча.

ВІЛЕЙСКАЕ, вадасховішча ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці

Вілейскае вадасховішча.

Віле́йскае

Вадасховішча ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці.

Найбуйнейшы штучны вадаём Беларусі на рацэ Вілія. Размешчана за 5 км на ўсход ад горада Вілейка, у месцы зліцця Віліі з рэкамі Сэрвач, Ілія і Касутка; галаўное збудаванне Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Пабудавана ў 1975–1976 гг. з мэтай пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння Мінска, воднага добраўпарадкавання сталіцы і павелічэння воднасці ракі Свіслач, стварэння зоны адпачынку. Па меры эксплуатацыі Вілейска-Мінскай воднай сістэмы вадасховішча набыло шматмэтавае значэнне.

Запаўненне вадасховішча да нармальнага падпорнага ўзроўню (НПУ) адбывалася ў 1973‒1975 гг.

Вадасховішча створана на тэрыторыі Нарачана-Вілейскай нізіны. У перыяд раставання апошняга ледавіка на месцы даліны існаваў шырокі Нарачана-Вілейскі прыледавіковы вадаём. Пра гэта сведчаць азёрныя пяскі, супескі, суглінкі і гліны, якія залягаюць пад невялікім слоем рачных адкладаў.

Вадасховішча распасціраецца з захаду на ўсход на 27 км, выгінаючыся каля вёскі Сосенка на паўночны ўсход. Чаша вадасховішча — затопленыя даліны Віліі і Іліі. У сярэдняй і прыплаціннай частцы чаша пашыраецца з-за невялікіх заліваў, найбольш значныя з іх залівы рэк Ілія і Касутка. Усяго 4 залівы.

Плошча вадасховішча 64 км², даўжыня 27 км, максімальная шырыня 3 км, сярэдняя глыбіня 3,7 м, максімальная — 13,8 м, у рэчышчы каля галаўной плаціны максімальная глыбіня 13 м. Аб’ём вады 0,24 км³. Даўжыня воднай акваторыі ў прыплаціннай частцы дасягае 11,5 км, што забяспечвае высокія хвалі да 1,5 м пры заходніх вятрах. Мелкаводдзі з глыбінямі да 2 м займаюць 18 км². Плошчы мелкаводдзяў нашмат павялічваюцца пры спрацоўцы вадасховішча ў летне-восеньскі перыяд да ўзроўню мёртвага аб’ёму (УМА). Берагавая лінія слабазрэзаная, даўжынёй 137 км, што ў 3 разы перавышае даўжыню берагавой лініі самага буйнога возера Беларусі — Нарач.

У першыя гады эксплуатацыі вадасховішча быў разлічаны яго рэальны водны баланс. Аб’ём вады, якая паступае ў вадасховішча па рэках Вілія, Ілія і Сэрвач, вагаўся ў межах 400‒700 млн м³.

Прызма спрацоўкі вадасховішча (рознасць паміж НПУ і УМА) складае 3 м. Найменшы ўзровень вады ў вадасховішчы адзначаецца ў перыяд перадпаводкавай спрацоўкі. Напаўненне вадасховішча да НПУ адбываецца з сакавіка па май. У летне-восеньскі перыяд адбываецца плаўная павольная спрацоўка вадасховішча ў выніку забору вады і натуральнага зніжэння воднасці.

Вадасховішча поўнасцю запаўняецца ў красавіку — чэрвені ў час вясновага разводдзя.

Найбольшыя аб’ёмы вады адбіраюцца з красавіка па ліпень, у перыяд напаўнення вадасховішча. Выпарэнне з воднай паверхні складае 3‒4 % воднага балансу, у асобныя гады гэтая велічыня павышаецца да 9 %. Тым не менш выпарэнне дасягае 22,6 млн м³, што значна вышэй за поўны аб’ём такога вадасховішча як Асіповіцкае, або роўна суме аб’ёмаў вады шэрагу вадасховішчаў Беларусі — Цяцерынскага, Рачунскага, Паперні, Воўпаўскага, Янаўскага, Гаць, Сакаўшчынскага, Альхоўскага разам узятых.

Вілейскае вадасховішча адносіцца да катэгорыі слаба мінералізаваных вадаёмаў (200‒300 мг/л). Рэакцыя вады нейтральная або слабашчолачная. Празрыстасць вады павялічваецца ад 1,0 м у вярхоўях да 2,5 м каля прыплаціннай часткі.

Водагаспадарчы баланс адлюстроўвае выкарыстанне вады вадасховішча ў гаспадарчых мэтах, асабліва ў малаводны год. Пры поўным (разліковым) аб’ёме, роўным 260 млн м³, і паверхневым сцёку больш за 1 млн м³ асноўныя расходы вады прыпадаюць на патрэбы рыбнай гаспадаркі — 6,4 млн м³, сельскай гаспадаркі — 6,8 млн м³, расход у Вілейска-Мінскую водную сістэму — 393,4 млн м³, скід вады ў ніжні б’еф вадасховішча для пакрыцця дэфіцыту вады ў Вільнюсе — 276,7 млн м³, санітарныя попускі ў ніжні б’еф — 31,6 млн м³.

Плошча вадазбору 4 120 км². Вадазбор узгорысты (разаранасць 30 %, найбольш разарана паўночная частка; забалочанасць 7 %). Лясістасць вадазбору каля 40 %. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 2 м.

У ложы пераважае працэс занясення ложа мінеральнымі адкладамі. Дно выслана пяскамі, месцамі торфам, трансфармаванымі затопленымі глебамі.

Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна пакрытыя лесам.

Берагі нізкія, размываюцца, часткова ўмацаваныя. На паўднёвым беразе пясчаныя пляжы шырынёй 50–100 м.

2 буйныя астравы.

Поўнае замярзанне вадасховішча адбываецца ў канцы лістапада — сярэдзіне снежня. Таўшчыня лёду 40‒60 см, крыгаход у сярэдзіне красавіка.

Зімой у паверхневым слаі змяшчаецца 9‒10 мг кіслароду на 1 л вады. З глыбінёй гэта велічыня паніжаецца да 2‒3 мг пры насычэнні 50‒65 %. Пасля ўскрыцця вадасховішча насычэнне вады кіслародам дасягае 100‒120 %.

Вадасховішча і яго вадазбор размешчаны ў межах паўночнай умерана цёплай і вільготнай кліматычнай вобласці. Паводле шматгадовых даных, сярэднясутачная тэмпература вышэй за 0 °C назіраецца з 27 сакавіка па 17 лістапада, а ў безмарозны перыяд — з 8 мая па 2 кастрычніка. Найбольш нізкая тэмпература студзеня адзначалася ў 1941 г. (‒ 13,7 °C), высокая — у 1976 г. (‒0,6 °C); у ліпені — адпаведна ў 1977 г. (15,4 °C) і 1959 г. (20,2 °C). У сярэднім за год выпадае больш як 600 мм атмасферных ападкаў. Сярэдняя вышыня снегавога покрыва — 26 см. Колькасць дзён з ападкамі дасягае ў сярэднім 175 за год. Вегетацыйны перыяд складае крыху менш чым 300 сутак.

Летам вада праграваецца да 18–24 °C. Прамая тэрмічная стратыфікацыя можа змяняцца гаматэрміяй у выніку цыкланічнай дзейнасці і інтэнсіўнага мяшання водных мас. Восеньскае і зімовае ахаладжэнне прыводзіць да восеньскай і вясновай гаматэрміі пры тэмпературы 4–6 °C. Узімку ўстанаўліваецца адваротная тэрмічная стратыфікацыя.

Вадасховішча па марфалагічнай будове ложа — рэчышчавае.

Па ступені пераразмеркавання сцёку ў часе — сезоннага рэгулявання.

Па морфаметрычных і гідраграфічных паказчыках вадасховішча можна падзяліць на чатыры гідрамарфалагічныя зоны, або часткі: прыплацінную (возерападобную), сярэднюю (пераходную), верхнюю (рачную), зону вялікіх і малых заліваў.

Прыплацінная частка вадасховішча найбольш глыбакаводная. Тут знаходзіцца некалькі астравоў, кар’ераў, якія пайшлі пад ваду, дзе вялася здабыча пяску.

У сярэдняй зоне вадасховішча, пры зліцці заліва ракі Ілія з асноўнай акваторыяй, узнікае рэдкая гідрадынамічная з’ява — інтэрферэнцыя хваль. У сувязі з пераменай напрамку ветру ў гэтым раёне ўзнікаюць стаячыя хвалі. На гэтым участку арыентацыя катлавіны вадасховішча з захаду на ўсход, аблясенне берагоў, а таксама выцягнутая акваторыя ствараюць спрыяльныя ўмовы для хвалевай дзейнасці.

Зарастае нязначна. У сярэдзіне чэрвеня назіраецца масавае цвіценне сіне-зялёных водарасцей.

Вілейскае вадасховішча ўваходзіць у групу адносна маладых вадаёмаў з досыць высокімі паказчыкамі біямасы гідрабіёнтаў. Іхтыяфаўна вадасховішча адносіцца да ляшчова-шчупаковага тыпу. Водзяцца шчупак, акунь, лешч, судак і іншыя віды рыб. Рыбагаспадарчае значэнне вадасховішча ўстойлівае. Па разліках гідрабіёлагаў БДУ, можна атрымліваць таварную рыбную прадукцыю ў межах 40‒60 кг/га.

Гняздуюцца качкі, чайкі, часам — лебедзі.

Склад збудаванняў гідравузла: плаціна (даўжыня 2 090 м, максімальная вышыня 16,3 м), вадаскід, агараджальныя дамбы, насосная станцыя (служыць для забору вады ў Вілейска-Мінскую водную сістэму). У ніжнім б’ефе вадасховішча была пабудавана Вілейская ГЭС.

З красавіка 1976 г. у правабярэжнай прыплаціннай частцы функцыянуе гідралагічны пост, з горада Вілейка перанесена гідраметэаралагічная станцыя «ГС Вілейка».

Водныя рэсурсы вадасховішча выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і энергетыкі, а таксама як месца адпачынку, аматарскага рыбалоўства і заняткаў вадналыжным, водна-маторным, вяслярным і парусным спортам. Каля вадасховішча створана зона адпачынку рэспубліканскага значэння «Вілейка». На беразе дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея», база адпачынку «Эканаміст» Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Найбольш перспектыўным з’яўляецца рыбагаспадарчае і рэкрэацыйнае засваенне рэсурсаў вадасховішча, развіццё прадпрыемстваў турысцка-аздараўленчага профілю. Працягласць купальнага сезона 70 дзён (сярэдзіна чэрвеня — канец жніўня).

Стварэнне Вілейскага вадасховішча ўнесла шэраг істотных змяненняў у сацыяльна-эканамічную структуру Вілейскага раёна і ў навакольнае асяроддзе. Перакід сцёку ракі Віліі ў басейн ракі Свіслач дазволіў забяспечыць вадой Мінск. Аптымальна выкарыстоўваюцца водныя рэсурсы для арашэння зямель, рэкрэацыі, атрымання электраэнергіі, станоўчага развіцця дарожнай сеткі раёна, забеспячэння занятасці насельніцтва.

Да адмоўных наступстваў стварэння вадасховішча варта аднесці: затапленне каля 30 км² лясных масіваў, радовішчаў торфу, урадлівых пойменных глеб, вынясенне з зоны затаплення паселішчаў. Запаўненне вадасховішча закранула ў рознай ступені 22 населеныя пункты (каля 600 двароў, 2 тыс. чалавек). Частка меліяраваных зямель была абаронена ад затаплення і падтаплення загараджальнымі дамбамі. У раёне вёсак Рабунь і Сосенка была створана арыгінальная сістэма перакіду сцёку ракі Орпа (вадазбор каля 60 км²). Аднак значныя плошчы бліжэйшых зямель былі падтоплены. Агульная плошча падтопленых зямель дасягае 100 км², уключаючы 74 км² з моцным падтапленнем. Умеранае падтапленне вузкай паласой (шырыня не больш за 50‒200 м) ахоплівае перыметр вадасховішча.

Абслугоўваецца камунальным унітарным вытворчым прадпрыемствам «Мінскводаканал».