НАДВОР’Е, стан атмасферы каля зямной паверхні ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны час або яго прамежак
pdf

НАДВОР’Е

Дата стварэння: 14.10.2024 10:30:20

Дата змены: 15.07.2025 11:29:35


Надво́р’е

Стан атмасферы каля зямной паверхні ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны час або ў яго прамежак.

Шматгадовы рэжым надвор’я называецца кліматам.

Надвор’е пастаянна мяняецца. Перыядычныя перамены надвор’я абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі і Сонца, неперыядычныя — рухам паветраных мас, уздзеяннем цыклонаў і антыцыклонаў. Надвор’е характарызуецца колькаснымі і якаснымі метэаралагічнымі велічынямі.

Да колькасных велічынь адносяцца розныя віды сонечнай радыяцыі, тэмпература паветра і вільготнасць паветра, атмасферны ціск і шчыльнасць паветра, атмасферныя ападкі, хуткасць і накірунак ветру, колькасць і формы воблакаў, узровень снегавога покрыва і інш.

Да якасных велічынь адносяцца: туман, навальніца, галалёд, раса, шэрань, замаразкі, іней, лівень, вясёлка, завіруха і інш.

Назіранні за надвор’ем вядуцца на метэаралагічных станцыях. Для складання досыць дакладнага прагнозу надвор’я неабходна мець звесткі аб стане атмасферы над усёй паверхняй Зямлі. Для практычных мэт распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца розныя класіфікацыі надвор’я.

Найбольш распаўсюджана класіфікацыя Я. Я. Фёдарава і Л. А. Чубукова, у якой клас надвор’я сутак вызначаецца комплексам метэаралагічных элементаў, якія ўключаюць сярэднюю сутачную і экстрэмальныя тэмпературы, адносную вільготнасць, хуткасць ветру, воблачнасць, ападкі.

Метэаралагічныя велічыні і атмасферныя з’явы бесперапынна змяняюцца. Гэтыя змены адбываюцца як у часе, так і ў прасторы. Яны маюць сутачны і гадавы ход, а таксама геаграфічныя заканамернасці размеркавання.

Усяго вылучаюць 16 класаў надвор’я. У Беларусі практычна не назіраецца надвор’е 1‑га класа (сонечнае, занадта спякотнае і вельмі сухое), 14‑га і 15‑га (жорсткае і вельмі марознае), 16‑га (дужа гарачае і вельмі вільготнае) класаў.

У Мінску за месяц ад аднаго дня (у красавіку) да трох дзён (у чэрвені) назіраецца надвор’е 2‑га класа: сонечнае (воблачнасць не больш за 6 балаў на працягу дня, прычым воблачнасць не закрывае сонца), гарачае і сухое (вільготнасць не больш за 50 %, сярэдняя сутачная тэмпература вышэй за 18 °С).

У цёплае паўгоддзе найбольшая паўтаральнасць (больш як 50 дзён за год) надвор’я 3‑га класа (сонечнае, малавоблачнае, умерана вільготнае, без ападкаў) і 4‑га класа (воблачнае днём і малавоблачнае ноччу, магчымы ападкі). Для надвор’я 5‑га класа характэрны малавоблачнасць днём і воблачнасць ноччу. Паўтаральнасць прыкладна 25 дзён за год.

Даволі часта і днём і ноччу назіраецца пахмурнае безмарознае надвор’е 6‑га (без ападкаў) і 7‑га (з ападкамі) класаў. Надвор’е 8‑га класа (з пераходам тэмператур праз 0 °С, удзень воблачна) бывае ў сярэднім 50 дзён за год; у 2 разы радзей назіраецца надвор’е 9‑га класа (удзень сонечна).

Ціхае бязветранае надвор’е са слабым марозам 10‑га класа (сярэднясутачныя тэмпературы не ніжэй за −2,5 °С) бывае прыкладна 9 дзён за год.

Умерана марознае надвор’е 11‑га класа (тэмпература ад −2,5 да −12,4 °С) назіраецца больш чым 50 дзён за год, пры гэтым у сярэднім 45 дзён з хуткасцю ветра больш за 4 м/с.

Больш халоднае надвор’е 12‑га класа (значна марознае з тэмпературай да −22,4 °С) бывае каля 15 дзён за год (з іх 12 дзён з ветрам больш за 4 м/с), а вельмі марознае надвор’е 13‑га класа (тэмпература ў межах ад −22,5 да −32,4 °С) — у сярэднім адзін дзень за год.