pdf

БЯЛЫНІЧЫ

Дата стварэння: 16.06.2023 08:55:22

Дата змены: 31.10.2024 10:01:11


location Google location Yandex

Бялынічы (тэрыторыя гета)

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у горадзе Бялынічы.

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік на брацкай магіле невядомых савецкіх воінаў у горадзе Бялынічы.

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у горадзе Бялынічы.

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму ў горадзе Бялынічы.

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік на магіле ахвяр фашызму — вязняў гета, загубленых ва ўрочышчы Мхі каля горада Бялынічы.

БЯЛЫНІЧЫ, горад

Помнік землякам, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад Бялынічы.

Бялы́нічы

Горад, цэнтр Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. За 46 км на захад ад г. Магілёў, за 157 км ад Мінска, на аўтадарозе Мінск — Магілёў.

У 1938–2016 гг. гарадскі пасёлак.

У 1939 г. у Бялынічах было 3 155 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У Бялынічах быў створаны атрад народнага апалчэння, які ў першыя дні ліпеня 1941 г. разграміў варожы дэсант непадалёк ад в. Шылавічы Бялыніцкага раёна.

У раёне Бялыніч на рубяжы р. Друць у пачатку ліпеня 1941 г. вялі абарончыя баі перадавы атрад старшага лейтэнанта А. П. Ваўчка з 172‑й стралковай дывізіі, рота лейтэнанта В. Ф. Чуракова з 53‑й стралковай дывізіі 61‑га стралковага корпуса, артылерыйскі дывізіён капітана Б. Л. Хігрына з 462‑га артылерыйскага палка разам з часцямі прыкрыцця 20‑га механізаванага і 4‑га паветрана-дэсантнага карпусоў. Гарадскі пасёлак пераходзіў з рук у рукі, савецкія воіны нанеслі праціўніку значныя страты ў жывой ciле, знішчылі некалькі танкаў, іншую тэхніку ворага.

Бялынічы акупіраваны 6 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў гарадскім пасёлку і раёне 1 968 чалавек. У верасні 1941 г. гітлераўцы расстралялі 150 яўрэяў ва ўрочышчы Няропля за 5 км ад райцэнтра. У гета ў Бялынічах загінула больш за 1,5 тыс. вязняў (па іншых звестках, 600 або 1,2 тыс. чалавек; сярод іх 224 яўрэі — бежанцы з Заходняй Беларусі), якія былі расстраляны 12 снежня 1941 г. ва ўрочышчы Мхі за 3 км ад гарадскога пасёлка. У студзені 1944 г. ў Бялынічах былі створаны 2 лагеры грамадзянскага насельніцтва, у кожным з якіх утрымлівалася каля 300 чалавек; вязні вывозіліся на прымусовую працу ў Германію.

У Бялынічах і раёне дзейнічалі: Бялыніцкае партыйна-камсамольскае падполле, Бялыніцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Бялыніцкі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанскія фарміраванні Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы, партызанская брыгада 1‑я, партызанская брыгада 1‑я Клічаўская, партызанская брыгада 2‑я Клічаўская, партызанская брыгада 5‑я, партызанская брыгада 5‑я Клічаўская, партызанская брыгада 3‑я, партызанская брыгада 3‑я Бярэзінская, партызанская брыгада 6‑я Магілёўская, партызанская брыгада 8‑я Круглянская, партызанская брыгада 130‑я «Помста», партызанская брыгада «Чэкіст», партызанская брыгада 61‑я, партызанскі полк 113‑ы, партызанскі полк 121‑ы імя А. М. Касаева, партызанскі полк 208‑ы імя І. В. Сталіна, партызанскі полк 277‑ы, партызанскі полк «Трынаццаць», партызанскі атрад 1‑ы, партызанскі атрад 5‑ы, партызанскі атрад 10‑ы, партызанскі атрад 11‑ы, партызанскі атрад 12‑ы, партызанскі атрад 13‑ы, партызанскі атрад 20‑ы, партызанскі атрад 31‑ы, партызанскі атрад 60‑ы імя Ф. М. Сядлецкага, партызанскі атрад 61‑ы, партызанскі атрад 115‑ы, партызанскі атрад 278‑ы, партызанскі атрад «Слаўны»; выдавалася падпольная газета «Народные мстители», орган Бялыніцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б.

Партызаны і падпольшчыкі ў ноч на 11 верасня 1943 г. нанеслі магутны ўдар па варожым гарнізоне ў Бялынічах (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.).

Бялынічы вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. воінамі 42‑й стралковай дывізіі (палкоўнік А. I. Сліц) 69‑га стралковага корпуса (генерал-маёр М. М. Мультан) пры падтрымцы палкоў 32‑й (палкоўнік П. К. Штэйгер) і 153‑й (палкоўнік А. А. Шчэннікаў) стралковых дывізій 81‑га стралковага корпуса (генерал-маёр Ф. Д. Захараў) 49‑й арміі 2‑га Беларускага фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.

У Бялынічах знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў; брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (сярод пахаваных Герой Савецкага Саюза Б. Л. Хігрын); магілы падпольшчыкаў і партызан, якія загінулі ў 1943–1944 гг.; магілы ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • помнік землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны;

  • помнік Вызвалення;

  • Алея Герояў, на якой пастаўлены бюсты Герояў Савецкага Саюза А. М. Касаева, М. Т. Кітаева, Л. Д. Лорчанкі, І. В. Свідзінскага, С. Р. Церашкевіча, Б. Л. Хігрына.

Алея Герояў у горадзе Бялынічы.
Алея Герояў у горадзе Бялынічы.