Дата стварэння: 29.01.2024 11:56:32
Дата змены: 25.03.2026 11:42:09
Гарнізо́ны няме́цка-фашы́сцкія
Ваенна-паліцэйскія падраздзяленні нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых на часова акупіраванай тэрыторыі СССР, у т. л. у Беларусі, у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ствараліся ў гарадах, гарадскіх пасёлках, многіх вёсках, на важных аб’ектах — чыгуначных станцыях, раз’ездах, мастах. Іх мэтай было захаванне бяспекі тылу вермахта, ахова шляхоў зносін, правядзенне палітычнага тэрору, эканамічнага грабяжу. Гарнізоны з’яўляліся ўвасабленнем палітыкі запалохвання i гвалту, сродкам барацьбы з савецкай уладай i савецкімі патрыётамі. У сістэме акупацыйнага рэжыму яны павінны былі стаць ваеннымі, эканамічнымі і палітычнымі апорнымі пунктамі нацысцкага «новага парадку» на месцах.
Гарнізоны, як правіла, займалі дадаткова ўмацаваныя капітальныя будынкі школ, бальніц, клубаў, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў або размяшчаліся ў спецыяльна ўзведзеных для іх дрэва-земляных збудаваннях накшталт блакгаўзаў. Вакол іх будаваліся дзоты, абсталёўваліся кулямётныя гнёзды і стралковыя ячэйкі, ствараліся загараджэнні з калючага дроту. Гарнізоны забяспечваліся радыё- i тэлефоннай сувяззю, мелі ўзгодненыя сістэмы баявога ўзаемадзеяння, транспарт.
З набліжэннем лініі фронту ўмацаванні асобных гарнізонаў цi сістэмы гарнізонаў, створаныя для барацьбы з партызанамі, маглі быць заняты палявымі злучэннямі вермахта i без значнага ваенна-інжынернага даабсталявання пераўтвораны ва ўмацаваныя абарончыя палосы, здольныя прыпыніць наступленне савецкіх войск.
У лістападзе 1942 г. аператыўнае ўпраўленне Генеральнага штаба сухапутных войск Германіі ў спецыяльнай пастанове ставіла перад начальнікамі гарнізонаў задачу стварыць такую сістэму абароны, якая выключала б магчымасць раптоўнага нападу i магла ўстаяць перад атакамі партызан. Гітлераўскае камандаванне патрабавала абараняць гарнізоны да апошняга салдата. За іх здачу вінаватым пагражала суровае пакаранне.
Найбольш умацаваныя гарнізоны ствараліся ў раёнах, прылеглых да зон актыўных дзеянняў партызанскіх фарміраванняў, а таксама ў вобласці армейскага тылу нямецкай групы армій «Цэнтр» на небяспечных участках самых важных магістральных i ракадных (паралельных лініі фронту) камунікацый. Сістэмамі гарнізонаў прыкрываліся подступы да гарадоў, вузлоў чыгунак i шашэйных дарог. Напрыклад, 200‑кіламетровы ўчастак дарогі Полацк — Маладзечна абаранялі ад партызан 23 гарнізоны (2 тыс. салдат); паміж г. Полацк i станцыяй Бігосава на чыгуначнай магістралі Рыга — Арол было створана 29 гарнізонаў (3,5 тыс. салдат i паліцэйскіх); у 23 гарнізонах вакол г. Барысаў (у радыусе да 20 км) размяшчалася каля 6 тыс. салдат ахоўных палкоў i паліцэйскіх; уздоўж шашы i чыгункі ад г. Орша да г. п. Крупкі (больш за 100 км) гітлераўцы паставілі 20 гарнізонаў (4 тыс. салдат). Каля 60 гарнізонаў (10 тыс. салдат i паліцэйскіх) акружалі зоны дыслакацыі партызанскіх брыгад i атрадаў Палескай вобласці. Толькі ў раёне дзеянняў партызанскай брыгады 1‑й Беларускай 1‑га складу ў Суражскім раёне Віцебскай вобласці знаходзілася больш за 30 гарнізонаў (каля 6 тыс. салдат i паліцэйскіх).
З першых дзён акупацыі партызаны Беларусі вялі барацьбу супраць варожых гарнізонаў. Восенню і зімой 1941–1942 гг. гэта былі ў асноўным эпізадычныя налёты слабых яшчэ партызанскіх атрадаў i груп патрыётаў на параўнальна невялікія апорныя пункты ворага (гл. Багушэўскi бой 1941 г., Вятчынскі бой 1942 г., Муляраўская аперацыя 1942 г.). Дзякуючы рашучасці і адвазе партызанам у гэты час удалося разграміць гарнізоны ў раённых цэнтрах Сураж Віцебскай вобласці (12 верасня 1941 г.), Любань Мінскай вобласці (гл. Любанскі бой 1941 г.), Капаткевічы Палескай вобласці (гл. Капаткевіцкі бой 1942 г.). Аднак слабасць уласных сіл яшчэ не дазваляла ім утрымліваць вызваленыя буйныя населеныя пункты.
ЦК КП(б)Б, Цэнтральны і Беларускі штабы партызанскага руху арыентавалі падпольныя партыйныя органы i камандаванне партызанскіх фарміраванняў на разгром перш за ўсё буйных варожых гарнізонаў, разбурэнне ўсёй сістэмы нямецка-фашысцкіх апорных пунктаў.
З восені 1942 г. з узмацненнем кіраўніцтва, удасканаленнем каардынацыі i ўзаемадзеяння партызанскіх атрадаў i брыгад, павышэннем арганізаванасці, баявой вывучкі i ваеннага майстэрства байцоў i камандзіраў стала магчымым нанясенне адначасовых удараў па вузлах абароны ворага аб’яднанымі сіламі партызанскіх фарміраванняў на вялікай аператыўнай прасторы.
Асноўнымі тактычнымі прыёмамі барацьбы партызан сталі раптоўныя імклівыя налёты, блакіраванне i поўная ізаляцыя ўмацаваных гарнізонаў шляхам засад, іх абстрэлы з выкарыстаннем артылерыі, мініраванне шляхоў зносін, знішчэнне ліній сувязі, дыверсіі падпольшчыкаў унутры гарнізонаў, адначасовыя ўдары па сістэме варожых гарнізонаў. Пры ўдалым выкарыстанні ўсіх гэтых прыёмаў праціўнік часам быў вымушаны сам выводзіць рэшткі сваіх гарнізонаў з населеных пунктаў, як гэта было пры вызваленні партызанамі раённых цэнтраў Бягомль (гл. Бягомльская аперацыя 1942 г.), Расоны (гл. Расонскі бой 1942 г.), Ушачы (гл. Ушацкі бой 1942 г.) Віцебскай вобласці. Калі гэтага не адбывалася, партызаны прадпрымалі рашучы штурм варожых пазіцый. Многія гарнізоны былі знішчаны ў час партызанскіх рэйдаў.
Разгром варожых гарнізонаў меў вырашальнае значэнне ў стварэнні i пашырэнні тэрыторыі партызанскіх зон, зрыве карных аперацый акупантаў, ратаванні савецкіх людзей ад знішчэння ці вывазу на фашысцкую катаргу ў Германію; звужаў аператыўную тактычную прастору праціўніка, зрываў ваенныя i эканамічныя планы акупантаў, наносіў значныя страты ворагу ў жывой сіле i тэхніцы, меў вялікае значэнне для папаўнення партызанамі запасаў зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання.
Толькі ў сакавіку 1943 г. партызаны (па няпоўных звестках) зрабілі 70 нападаў на фашысцкія гарнізоны, забілі і паранілі больш за 1 тыс. гітлераўцаў.
Барацьба партызан Беларусі з гарнізонамі насіла актыўны, наступальны характар, уключала i прапаганду сярод салдат i паліцэйскіх гарнізонаў.
У барацьбе з варожымі гарнізонамі партызаны ўзаемадзейнічалі з падпольшчыкамі і насельніцтвам, праяўлялі выключную мужнасць і адвагу, волю да перамогі над ворагам, паказвалі высокую баявую вывучку i майстэрства.
Найбольш буйнымі баявымі аперацыямі партызан супраць варожых гарнізонаў, акрамя згаданых, былі Бялыніцкія аперацыі 1943 г., Вецслабадскі бой 1943 г., Дамачаўскія баі 1943 г., Докшыцкі бой 1943 г., Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943 г., Клічаўскія баі 1942, 1943 гг., Косаўскі бой 1942 г., Ленінскі бой 1942 г., Лепельская аперацыя 1943 г., Лядскі бой 1943 г., Пашкаўскі бой 1943 г., Плешчаніцкая аперацыя 1943 г., Прыганінскі бой 1943 г., Хаценчыцкі бой 1943 г.
Паводле няпоўных звестак, партызаны Беларусі ў баявым узаемадзеянні з партызанскімі фарміраваннямі Калінінскай і Смаленскай абласцей РСФСР, партызанамі Літвы, Латвіі, Украіны ў 1941–1944 гг. зрабілі 1,5 тыс. налётаў i разграмілі каля 1 тыс. гарнізонаў, шмат з якіх не аднавілася.
Разгром варожых гарнізонаў аказаў значную дапамогу савецкім войскам у ходзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (гл. Горвальская аперацыя 1943 г., Капыльскія баі 1942, 1944 гг., Любчанскія баі 1944 г. i інш.).